Прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці наведаюць населеныя пункты, дзе разгарнуліся ключавыя бітвы Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі "Баграціён", у выніку якой 80 гадоў таму наша краіна была вызвалена ад нямецкіх акупантаў. Храналогія акцыі цалкам супадае з храналогіяй вызвалення беларускай зямлі - з 23 чэрвеня па 28 ліпеня. Сярод арганізатараў - Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.
Інфармацыйна-асветніцкую акцыю арганізавалі грамадскія аб'яднанні, якія ўваходзяць у Штаб патрыятычных сіл. Гэта Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, РДГА "Беларускае таварыства "Веды", РГА "Белая Русь", БРСМ, ГА "Беларускі саюз афіцэраў", РГА "Патрыёты Беларусі", ГА "Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў".
Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, старшыня прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава адзначыла, што акцыя "Дарогамі славы" яшчэ раз прадэманструе, наколькі важна захаванне гістарычнай памяці.
- Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі Федэрацыя прафсаюзаў разумее, наколькі важна сёння захаваць гістарычную памяць. У першую чаргу, памяць аб Вялікай перамозе, - падкрэсліла Таццяна Філімонава. - Сёння ўсе мы бачым, наколькі груба скажаецца праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. Хто, калі не мы, раскажа нашым дзецям пра той страшны час.
Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня праўлення РДГА "Беларускае таварыства "Веды" Вадзім Гігін адзначыў, што акцыя стане яркай праявай дзейнасці беларускай грамадзянскай супольнасці.
- У гэтым годзе мы адзначаем 80-годдзе аперацыі «Баграціён». Гэта ўнікальная падзея ваеннай гісторыі. Акцыі запланаваны шматпланавыя. Гэта і аўтапрабег, і ўскладанне вянкоў, і кіналекторый, дзе будзе прадэманстраваны фільм "Час вярнуцца" з расповедам гісторыка аб гістарычнай падаплёцы тых падзей. Таксама запланаваны святочныя мерапрыемствы: канцэрт і салют.
Паводле яго слоў, ключавой падзеяй стане ўрачыстая перадача населеным пунктам, якія ўдзельнічаюць у акцыі, дакладнай копіі штандара фронту, які вызваляў адпаведны рэгіён. Яго размесцяць або ў музеі, або ў будынку выканкама - на меркаванне мясцовых уладаў.
- Старт акцыі будзе 23 чэрвеня ў Светлагорскім раёне, там, дзе знаходзіцца мемарыяльны знак, прысвечаны аперацыі «Баграціён» і легендарнаму прарыву лініі фронту 1-м Беларускім фронтам пад камандаваннем Ракасоўскага, - распавёў Вадзім Гігін. –¸ Завершым акцыю 28 ліпеня ў Брэсце.
Таксама мерапрыемствы пройдуць у Бабруйску (27 чэрвеня), Чэрвеньскім раёне (2 ліпеня), Полацку (6 ліпеня), Гродне (16 ліпеня).
- Падзеі 80-гадовай даўнасці дзівяць. Гэта была аперацыя 4-х франтоў, з абодвух бакоў удзельнічала больш за 4 млн. вайскоўцаў, больш за 65 тыс. гармат, мінамётаў, РЗСО, каля 7,5 тыс. танкаў, больш за 7 тыс. самалётаў, - адзначыў старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў. Сяргей Бобрыкаў. - Апроч удараў Чырвонай Арміі, актыўна дзейнічалі партызаны і падпольшчыкі, увесь беларускі народ самааддана змагаўся з акупантамі. Гэтая акцыя - памяць аб людзях, якія загінулі ў гэтых страшных баях.
Аляксей Канаплёў
фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА
Крыніца:1prof.by