6 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай вобласці ў гэтым годзе на рамонт і ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі выдзелена больш як Br42 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар абласнога унітарнага прадпрыемства "Упраўленне ЖКГ" Аляксандр Максімчук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Максімчук расказаў, што прадпрыемствы ЖКГ Брэсцкай вобласці абслугоўваюць у населеных пунктах каля 2,8 тыс. км вулічна-дарожнай сеткі. Больш за 2 тыс. км маюць удасканаленае пакрыццё. "Гэтыя 800 км, якія не маюць удасканаленага пакрыцця, даюць самы вялікі рост заявак на службу 115. Умовы надвор'я нестабільныя, тэмпература рэзка вагаецца, таму няма магчымасці аператыўна ліквідаваць недахопы, аб якіх паведамляюць у службу 115", - адзначыў гендырэктар абласнога ўпраўлення.
У паўднёва-заходнім рэгіёне ў мінулым годзе адрамантавалі каля 95 км дарог. На гэтыя мэты было накіравана каля Br35 млн. У бягучым годзе на рамонт і ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі выдзелена больш як Br42 млн. У прыватнасці, у вобласці намечана капітальна адрамантаваць пяць вуліц, дзве рэканструяваць, восем вуліц будуць ахоплены бягучым рамонтам.
Асобную ўвагу ў рэгіёне ўдзялілі рамонту дваровых тэрыторый, фінансаванне на гэтыя мэты павялічылі. Створана мэтавая праграма, Брэсцкі аблвыканкам прафінансуе Br3,3 млн. За гэтыя грошы плануецца выканаць бягучы рамонт 90 дваровых тэрыторый.
"Па ўзгадненні з губернатарам у гэтым годзе будуць накіраваны грошы на дваровыя тэрыторыі. Спісы фарміруюцца, фінансаванне адкрыта. Дзесьці з сакавіка-красавіка работы пачнуць выконвацца. На раён будзе выдзяляцца арыентыровачна каля Br110 тыс. На Брэст, Баранавічы і Пінск, зразумела, сумы будуць большыя", - сказаў Аляксандр Максімчук.
Па словах суразмоўцы, камунальныя службы лічаць мэтазгодным добраўпарадкоўваць дваровыя тэрыторыі ў комплексе з капітальным рамонтам дамоў. Першачарговая ўвага будзе ўдзелена праездам, пешаходным сувязям, парковачным месцам. Дзе спатрэбіцца, камунальнікі зоймуцца азеляненнем: уладкаваннем газонаў, абрэзкай дрэў і высадкай саджанцаў.
Крыніца інфармацыі БЕЛТА |