7 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай вобласці сёлета плануюць пабудаваць 33 станцыі абезжалезвання вады. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар абласнога унітарнага прадпрыемства "Упраўленне ЖКГ" Аляксандр Максімчук.
У паўднёва-заходнім рэгіёне летась пабудавалі 24 станцыі абезжалезвання. У гэтым годзе плануюць увесці ў эксплуатацыю яшчэ 33. Работы намечана выконваць за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэту. "З абласнога бюджэту выдзелены Br7,7 млн. Рэспубліканскі пакуль не зацверджаны. Будзем зыходзіць з таго, колькі выдзеляць сродкаў. Наогул па дзяржаўнай праграме фінансаванне будаўніцтва станцый абезжалезвання ідзе на раўнадолевым удзеле рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў", - адзначыў Аляксандр Максімчук.
Станцыі абезжалезвання плануюць будаваць ва ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці. У некаторых выпадках разам з імі спецыялісты будуць пракладаць водаправодныя сеткі, будаваць свідравіны, воданапорныя вежы.
У цэлым у рэгіёне да 2025 года неабходна пабудаваць яшчэ 96 станцый абезжалезвання вады. "Праблему ў многім знялі, але яшчэ не да канца", - акцэнтаваў увагу субяседнік.
Праблема ўтрымання жалеза ў артэзіянскай вадзе актуальная для Брэсцкай вобласці. Яго канцэнтрацыя адрозніваецца ў залежнасці ад раёнаў - ад 0,4 да 12 мг/л. Пры гэтым норма - 0,3 мг/л. Станцыі абезжалезвання вырашаюць праблему: у сетку камунальныя службы падаюць ваду, якая поўнасцю адпавядае санітарным патрабаванням.
Крыніца інфармацыі БЕЛТА |